"Беларускi крызiсны цэнтр" у Львове
Зварот беларусаў да мэра Львова Андрэя Іванавіча Садавога
Мы, ніжэй падпісаныя беларусы, звяртаемся да мэра горада Львоў. Інфармацыя пра закупкі ў Беларусі прадукцыі МАЗ выклікала ў нас здзіўленне і занепакоенасць. Справа ў тым, што ў Беларусі зараз адбываюцца самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў.

Вось ужо больш за пяць месяцаў грамадзяне працягваюць выходзіць на пратэстныя акцыі, адмаўляючыся прызнаваць афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і выказваючы сваё абурэнне з нагоды беспрэцэдэнтнай жорсткаcці з боку сілавікоў. За гэты час у Беларусі было затрымана больш за 40 тысяч чалавек, 7 чалавек забіта, больш за 170 чалавек прызнаныя палітвязнямі, з якіх 27 - гэта жанчыны.

Кожны дзень затрымліваюцца новыя людзі і кожны дзень ідуць новыя суды. З Беларусі вымушаныя з'ехаць велізарная колькасць беларусаў з-за палітычных рэпрэсій. Толькі ва Украіну выехала каля 60 тысяч чалавек. Увесь свет з жахам глядзеў на гвалт, які беларускія ўлады выкарыстоўвалі, каб здушыць мірныя пратэсты пасля фальсіфікаваных выбараў.

Адначасова свет захапляецца мужнасцю беларусаў. У знак падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці еўрапейскія краіны ўводзяць эканамічныя санкцыі супраць злачыннага рэжыму, які захапіў уладу ў Беларусі. Адзіная краіна, што падтрымлівае і спансуе дыктатара - гэта Расея.

Андрэй Іванавіч, мы ўсе ведаем Вас як вельмі дасведчанага і разумнага палітыка. Палітыка з праеўрапейскімі поглядамі і каштоўнасцямі. Вас любяць і Вам давяраюць жыхары Львова. У тым ліку, дзякуючы Вам, Львоў з'яўляецца адным з самых любімых месцаў для адпачынку ў беларусаў.

Мы, беларусы, просім Вас прыняць правільнае рашэнне, стаць на бок беларускага народу і не спансаваць крывавы рэжым. Беларусы і ўкраінцы заўсёды былі разам!

Жыве Беларусь!
Слава Украіне!
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website